/ 02
Люстрадзён
01.03.2022: Слава Україні ! Слава Украіне! +
30.10.2021: “Чорная ноч” ці “Ноч расстраляных паэтаў” у Вільні +
Увечары 29 кастрычніка 2021 году беларусы Вільні сабраліся на Лукішках ля Музэя акупацыі і барацьбы за свабоду і ўшанавалі памяць расстралянай беларускай інтэлігенцыі ў 1937 годзе. Да ўсяго сабралыя на сумную імпрэзу ўшанавалі памяць забітых падчас гвалту дыктатуры ў 2020-2021 гадах. Зрэшты, “Чорная ноч” у Вільні сталася сустрэчай падтрымкі ўсіх беларусаў, якія ў Беларусі ня могуць больш ані выйсьці на мітынг, ані сабрацца ў Курапатах і іншых месцаў масавага зьнішчэньня людзей. Чорная ноч зацягнулася на дзесяцігодзьдзі на беларускіх землях, але ўпарта займаецца на дзень не на Ўсходзе, а на Захадзе…
25.03.2021: З Днём Волі, новая Беларусь! +
21.03.2021: Бурштынавая князёўна +
З нагоды Сусьветнага дня паэзіі і да гадавіны сьмерці Нэрынгі Дангвідзе. Перадусім віншую ўсіх зачараваных паэзіяй з днём паэзіі! Да ўсяго 21 сакавіка 2021 спаўняецца год, як заўчасна памерла летувіская паэтка, казачніца, якая пісала інклюзыўныя гісторыйкі для дзяцей, стварала казкі, дзе героямі і гераінямі станавіліся інваліды, лесьбійкі, геі, цыганы, мігранты, мурыны (зборнік казак “Бурштынавае сэрца”). З аднаго боку, магічныя казкі былі пабудаваныя нібыта на традыцыйны лад, у якіх спазнаваўся сьлед Андэрсана і братоў Грым, але з другога боку, казачніца сумысьля ўводзіла ў гісторыі сучасныя матывы і тэмы. Такім чынам, казкі плянаваліся як магічныя, так і сацыяльныя. Так, напрыклад, у дзьвюх казках з шасьці паўстала тэма гей- і лесьбі-шлюбу: у адной казцы каралева бралася шлюбам з сваёй сяброўкай дзяцінства, хоць сваты ёй і прапаноўвалі розных мужчынаў-кандыдатаў. Да ўсяго Нэрынга жыла сьмела і адкрыта, ніколі не хавала таго, што кахала жанчынаў. Ейныя вершы прасякнутыя гэтым каханьнем. Шкада, пры жыцьці казачніцы так і ня вышаў зборнік паэзіі. Зь ейнымі некаторымі мудрагелістымі і эстэцкімі вершамі можна азнаёміцца ніжэй. Вершы я з замілаваньнем пераклаў з летувіскай мовы сумысьля для гадавіны сьмерці паэткі. Вясельнымі маршрутамі (Vestuvių maršrutais) Калі б наша вясельле было вясной я сустрэла б цябе на вакзале з букетам пралесак пацалаваўшыся вачыма мы б заскачылі ў першы прыбылы тралейбус высадзіліся б на сёмым прыпынку абмяняліся б пярсьцёнкамі: Сьведкамі былі б тыя, хто чакаюць свайго маршруту на ўскрайку нашага жыцьця, у той час як мы абедзьве дзелім дзень па палоўцы, а ноч па зорцы. Мы прачнуліся б улетку, перажыўшы восень і былі б яшчэ апранутыя на зіму ў белыя вясельныя саваны. Ты ўсё яшчэ згодная ажаніцца са мною, Каханая, калі прачынаецца вясна? Заўтра прачнуся са сну, у якім яна трымае мяне за руку як некалі ты вадзіўшы па лябірынтах свайго цела падманьваючы у ранкавых позірках. Проста скіруешся – сашьеш словам саван. Пойдзеш направа – станеш краўчыхай мёртвых словаў. Налева павернеш – крывёю словаў вышывацьмеш. ♦ Сьвет мяняецца, каханая, пахнучы лявандавымі палямі, якія мы прамінаем, хіба позіркамі сьплятаючы яшчэ адзін дзень у прыгожы вянок – толькі ў расьціснутай жменьцы ня ружа крывавіць, гэта стыгма, пазначаная на далонях карункамі мары калі я стаю за тваёй сьпінай, з заплюшчынымі да сонца вачыма. і хіба толькі подых ветру адчуеш на плячах, прамаўлялага імя – сябе, не мяне спазнай. ♦ Усе поры году Мой позірк Чапляецца за зморшчыну У кутку тваіх вуснаў Затрымаўся надоўга У лініі ўсьмешкі Кардыяграма без зьмяненьняў. Яшчэ жывецьмеш Адбіткам у шэрых касачах Пакуль я дакранаюся пальцамі да літараў Спарадзілай безаблічнай літаратурай тэкст караскаецца плюшчам да вакна бальніцы. Праз якое твае вочы Бачаць усе поры году За выняткам восені Якая кропацьме роўнымі кроплямі Супакойваючы Незавершанага верша песьню Пакуль пурпур восені ўзьбівацьмеся ў кляновай буры. (Пераклад з летувіскай мовы Ўладзіслава Гарбацкага).
06.03.2021: The Graz Vigil +
У траўні 2020 году прыняў удзел у дзівосным пэрформансе-вартаваньні Грацу – The Graz Vigil (Варта Грацу ці Вартавы/вартавая Грацу). Праект можна апісаць так: бэльгійска-аўстралійская харэографка Джаан Лейтан стварыла плятформу на Замкавай гары – своесаблівы дазорны пункт, як у Сярэднявечча, калі дазорцы ці вартавыя пільнавалі замак і абаранялі места. Цяпер жа сучасным жыхарам ці гасьцям Грацу прапаноўвалася ўлезьці ў скуру дазорцы і паназіраць цягам гадзіны за местам. Усяго ў пэрформансе прынялі ўдзел 732 чалавекі (два чалавекі на дзень: уранку, калі ўзыходзіць сонца і ўвечары, калі яно сядае). Акрамя назіраньня-вартаваньня пэрформанс падразумяваў наступныя пытаньні: ці толькі дазорца назірае за местам? Ці места зь ягонымі жыхарамі таксама сочыць за вартавымі? Ці гэта аднабаковае вартаваньне ці ўсё ж такі двухбаковы рух? І калі спачатку я паставіўся да праекту халаднавата, то потым, зайшоўшы ў дазорную будку, я захапіўся ідэяй пэрформансу. І таму, што было 5 раніцы, калі места толькі-толькі пачынала прачынацца, і я бачыў унізе новыя колеры места, і таму, што я пабачыў рэакцыю людзей. Так, вартаваньне ня стала проста птушачкай у сьпісе маіх актыўнасьцяў – я пабачыў, што ня толькі я з гары сачыў за местам, у места былі свае вочы. Счакаўшы літаральна каля пяці хвілінаў, я заўважыў маладжавага раварыста, які зьявіўся на пляцы перад ратушай. Ён пакружляў, спыніўся, акуратна паставіў ровар на падножку. Мне стала цікава, чаму ён тут, чаму ня сьпіць. Гэта быў адзіны чалавек на бязлюдным пляцы. Ён пакорпаўся ў заплечніку і нешта дастаў. Здалёку я не адразу разгледзіў што. Потым ён паглядзеў дагары. Пабачыў мяне. Я пабачыў яго і фотаапарат у ягоных руках. Зьнячэўку раварыст-незнаёмец памахаў мне рукой. Я быў адзіны, каго ён мог бачыць на Замкавай гары. Тым больш я быў добра бачны ў ружовым свэдары і ў вартавой! Я аўтаматычна пачаў махаць рукой яму – і неяк жвава, бы махаў знаёмаму ці нават каханаму. Ён двойчы адказаў мне салютаваньнем. Мне стала так прыемна, што нейкі незнаёмец пабачыў мяне, а яшчэ мне хацелася думаць, што ён прыехаў сумысьля дзеля мяне, каб павітаць мяне. Я здагадаўся, што ён зрабіў некалькі здымкаў. Ён крыху пачакаў, нібы думаў, што я зьбягу да яго. Але я ня мог пакінуць свой пост. Незнаёмец сеў на ровар, пакружляў на пляцы, узьняў руку мне на разьвітаньне і зьехаў. Я так і не даведаўся ані імя, ані колеру вачэй незнаёмца на ровары… Час ляцеў хутка. Я любаваўся знаёмым краявідам. Праверыў, ці на месцы ўсе мае бажніцы-арыентыры. Мае позіркі штораз разьбягаліся і разьбіваліся аб цьмяныя Альпы ўдалечыні і я зноў вяртаўся пільнаваць за местам. Раптам у канцы дазору ля падножжа гары я заўважыў рух у акне. Я бачыў, як нейкая жанчына хадзіла па кватэры і нешта рабіла на кухні. Я бачыў усё: і таму, што я ўважліва сачыў за ёй, а таксама таму, што я быў ў акулярах. Яна гатавала каву. Неўзабаве яна падышла да вакна з кубачкам кавы і зірнула на гару. Яна ўбачыла плятформу, на якой я стаяў. Хвільку яна паназірала за мною і зьнікла. Я ўдзячны гэтым двум незнаёмцам, якія не пакінулі мяне на самоце тым ранкам і пераканалі, што вочы чалавека заўсёды шукаюць іншых вачэй.
Хутка прайшла гадзіна няспаньня – падавалася, мінула ўсяго 15 хвілінаў. Я завяршаў службу так рамантычна: сонца залівала места, зьнішчаючы сузор’і, створаныя з розных бажніцаў, і першыя трамваі выпаўзалі з дэпо, каб пераняць маю эстафэту…
04.03.2021: Закрыцьцё +
Вясна ў час новай паляндры. Памірае люд такой чароўнай парой. Калі ў 21-ым стагодзьдзі ў атамны і касьмічны век мруць так проста людзі ад хваробаў, вірусаў, бы ў Сярэднявечча, то тады мы ані на грам не прасунуліся ў разуменьні сапраўднага прагрэсу. Прагрэс наш мусіць мерыцца ня колькасьцю баягаловак ці атамных рэактараў, а выключна абароненасьцю жыцьцяў людзкіх ад эпідэміяў і вірусаў. Закрыцьцё публічнага жыцьця – гэта першы натуральны крок, каб захаваць жыцьцё. Так рабілі і раней улады падчас паляндры ці халеры. Так зрабілі і цяперашнія ўлады. Faute de mieux, як кажуць французы… Калі няма іншых сродкаў, то хаця б так. Мяне дзівіла закрыцьцё Грацу. Сьмерці сталіся канчаткова ананімнымі, схаванымі. Хаўтуры сталіся вусьцішней, чымся былі ў чарнобыльскую бяду, калі не дазвалялася адчыніць труну і разьвітацца. Бурлівае места сталася зьмярцьвелым. Кавярні, бары заўсёды сымбалізавалі адкрытасьць, весялосьць, лёгкасьць, смачнасьць жыцьця – ператварыліся ў мёртвую зону. Сталы, аб якія звычайна біліся, драпаліся тысячы шклянак, келіхаў і куфляў, цяпер былі ўсыпаныя апалымі кветкамі каштану. Кавярні без наведвальнікаў уражвалі гэтак жа, як і хаўтуры без людзей і кветак. Вобраз, які я зафіксаваў увесну 2020 на Замкавай гары – пустая кавярня з цудоўнай панарамай на Альпы ўдалечыні – застанецца да скону адначасова вусьцішным і прыгожым прыпамінкам часу, калі надышла бяда.
03.03.2021: Грацкія бажніцы +
А яшчэ ў Грацы выразна зразумеў, што бажніцы і старажытныя гадзіньнікавыя вежы маюць ня толькі эстэтычны сэнс – яны адвучваюць нас ад прыладаў кшталту кампутар ці пляншэт. Прачнуўся ноччу, качаюся, хачу даведацца час – лянота ўставаць. Раптам забіў гадзіньнік на вежы і вось, я ўжо ведаю колькі часу. Так прыемна спаць і скрозь сон даведвацца, колькі ж часу. А ўвечары, калі званы білі па ўсіх бажніцах – урачыстым станавіўся настрой. Усё места нібы ператваралася ў карабель, які плыў скрозь хмары і трывожны кавідны час. Атмасфэра яднала люд. У Віцебску зрынулі старое места, няма вежаў, бажніцаў, няма атмасфэры, эстэтыкі – няма і яднаньня. Няма гукаў мінулага… А яшчэ цешыць, што бажніцы тут пустыя – аўстрыйцы туды ня дужа сьпяшаюцца. Калі і пабачыш каго – гэта хутчэй усяго турысты. І кожны раз, калі я цікаваў і падслухоўваў наведвальнікаў бажніцаў, яны размаўлялі альбо па-італійску, альбо па-польску. Цікава, але мяне, атэіста, так вабяць старыя бажніцы. Канечне, перадусім таму, што іх вынішчылі ў Беларусі, а зь імі зьнітоўваецца для мяне мінулае, старая эстэтыка. А ў Грацы да ўсяго зразумеў, што бажніцы ў цяперашнім сьвеце ва ўрбанісцкай мяшаніне дапамагаюць арыентавацца і рамантычна вандраваць. З Замкавай гары мяне літаральна атачыла прыгожае сузор’е бажніцаў: лінія пунктырам бяжыць ад сьв. Віта праз бажніцу сьв. Яна і Паўла да Андрэ, далей праз Францысканскі касьцёл да бажніцы сэрца Хрыстова і завяршаецца сузор’е смачнай далёкай кропкай базылікі Марыі Суцяшальніцы. Сябры сьмяюцца, што я раптам нахінуўся да веры, але я нахінўуся да грацкай рамантыкі. Бажніцы служаць і атэістам прыгожымі сузор’ямі ў мястовай прасторы.
Цудоўныя і разнастайныя тут бажніцы: ад цяжкіх, урачыстых і сур’ёзных, як цэнтральная катэдра сьв. Эгідыя да какетлівых, як Mariahilferkirche (Маці божай дапаможніцы) ці нават экстравагантных кшталту бажніцы cьв. Андрэ. А ёсьць і зусім файна-дзіўны касьцёл – напрыклад, Фарны касьцёл сьв. крыві пана Езуса, у якім на вітражах намаляваныя Мусаліні і Гітлер. У гэтую бажніцу я забягаў часьцей усяго – паглядзець на вітражы з дыктатарамі. Пасьля Другой сусьветнай вайны нямецка-аўстрыйскі мастак і вітражыст Альбэрт Біркле нагэтулькі быў уражаны жудой вайны, што стварыў у 1950-53 гадах вітраж з дыктатарамі, якія прысутнічаюць на бічаваньні Хрыста. Натуральна, нашаму дыктатару няма месца ані ў музэях, ані на вітражах…
02.03.2021: Прывід Чэрыні +
У 2020 годзе я апынуўся ў літаратурнай рэзыдэнцыі Грацу. Рэзыдэнцыя месьціцца на месцы былой старой фартэцыі ў будынку – замку барона Чэрыні 1820 году, дзе мясцовыя ўлады вырашылі стварыць прытулак для артыстаў і пісьменьнікаў, якія па розных прычынах ня могуць пісаць дома, на радзіме. Аўстрыя, Эўропа ня здраджвае сваім гуманісцкім памкненьням, напоўніцу выкарыстоўвае патэнцыял дэмакратыі і дапамагае тым, хто зьведвае ганеньні і патрэбу пісаць, выказваць думку і хаця б на каліўку спрыяць дэмакратыі на сваіх гарапашных радзімах. Мяне пасялілі ў шыкоўную кватэрку ўнутры невялічкага замку. Залацінкай жытла стаўся насьценны малюнак прывіду замку Чэрыні. Паводле почутак і легендаў, здань барона Чэрыні зь 19-га стагодзьдзя зьяўляецца на гары. У 70-80-ыя гады мінулага стагодзьдзя, калі будынак быў закінуты і ў ім жылі бясхатнікі, адзін такі бясхатнік з мастацкімі здольнасьцямі, а мо’ і мастак па адукацыі, намаляваў на сьцяне твар чалавека ці хутчэй нават сілюэт аблічча, падобны да прывіду. Ніхто ня ведае, ці бачыў невядомы бяспрытульны мастак прывід, ці яму ў алькагольным ці мо’ галодным чмуце падалося нешта, але намаляванае на сьцяне пакінулі падчас рамонту і перадачы будынку літаратурнай рэзыдэнцыі. І цяпер “Прывід Чэрыні” упрыгожвае будынак і падтрымлівае сувязь зь першым жыхаром замку. Для многіх – гэта простая прыгожая легенда, неабходная для любой творчай аазы.
01.03.2021: Пабачыць Грац і памерці… +
Пабачыць Грац і памерці – так кажуць звычайна пра Парыж. Але пабачыўшы і вельмі зацаніўшы вабноты Парыжу, я тым ня менш не хачу паміраць… А вось пабачыўшы Грац, я магу сказаць, што гатовы памерці. Бо гэта ня проста прыгожае места – прыродна, архітэктурна, гэта места прадуманае так, каб людзям жылося тут не абы-як, а ўтульна, эстэтычна і практычна. Вулкі і вуліцы, ходнікі, сьцежкі ў парках, парэнчы на супынках, у крамах, у трамваях літаральна замераныя пад людзей. Усюль парадак, а на могілках дык парадак ідэальны! Прырода не пакрыўджаная тут, места натуральна ўштукаванае ў горы, раку. Нізкія ў гэтым месцы Альпы акуратна абярагаюць Грац ад вонкавага сьвету. Тут цёпла, кветкава, а строгія пікі Альпаў у сьнезе нагадваюць пра бязупынную варту. Пабачыць Грац і памерці, бо Грац нагадаў мне ня тое, што мой Віцебск, не, яны хутчэй не падобныя, а тое, якім Віцебск мог бы быць, каб ня наша абыякаўка, каб ня рукі расейцаў, у якія патрапіў Віцебск. Грац нагадаў мне Віцебск з паралельных жыцьцяў, Віцебск, які захаваў сваю разнастайную рэлігійную і сьвецкую спадчыну і ўдала расьцягнуўся ўздоўж Дзьвіны. Віцебск, зь якога ня зьехалі Шагал, Шчымялёў і сотні тысячы геніяў у розных сфэрах. Грац прадэманстраваў мне, як можна быць самадастатковай, цікавай, бурлівай, з патэнцыялам і шармам правінцыяй. Грац нагадаў мае ўтапічнае жыцьцё і жыцьці тысячы іншых віцяблянак і віцяблянаў, якія зьехалі ў сьвет, бо затохваліся ў аўтарытарных расейскамоўных кнэблях. Пабачыць Грац і…заснуць, каб прачнуцца ў Віцебску, падобным да места, схавананага ў Альпах…
28.02.2021: Беларускія матывы ў Грацы +
Так, каранавірус зрабіў зь мяне нечакана назіральніка за прыродай, за тым, што зусім побач і на што раней глядзеў вачыма невука ці па-просту мястоўца. Апынуўшыся на карантыне ў шыкоўным вялікім парку на Замкавай гары ў цэнтры Грацу, абмежаваны ў звычайнай сацыяльнай дзейнасьці, я раптам заўважыў прыгажосьць зусім побач. Канечне, я і раней любаваўся прыгожым у прыродзе, але ўсё адно на нейкай дыстанцыі. У самаізаляцыі я раптам адчуў патрэбу ня толькі любавацца, але і ведаць дакладныя назвы ўсіх расьлінаў, кветак, дрэваў вакол мяне. Мне закарціла пайсьці ўсьлед за А. Ажэшкай, З. Верас і В. Ластоўскім і дакладна назваць увесь навакольны сучасны расьлінны сьвет. Узброены моўнымі і батанічнымі ведамі, атрыманымі ад сваіх бабуляў, а таксама ўсемажлівымі слоўнікамі З. Верас і іншых, а я яшчэ такім цудам, як аплікацыя PlantNet, я ўзяўся за справу. Мятлюжок На дзіва, менавіта ў Грацы я ўзгадаў і даведаўся нанава, як жа называецца тая мураўка-травінка, зь якой улетку ў дзяцінстве штодня гуляўся, у зубы ўтэркнуўшы. Уяўляў дзіцёнкам, быццам гэта ў мяне такая дзівосная і даўгая цыгарка. Травінка тая – мятлюжок, радзей яе называюць проста мураўка. Бабуля называла яе мятлюжком. Памёрла бабуля, я зьехаў у сьвет – памёрла і слоўка. Але дзякуючы Аўстрыі, каранавірусу, самаізаляцыі, калі зьявіўся раптам час заняцца батанікай, я ўзгадаў слова дзяцінства, слова, якое вярнула мяне на час у дзяцінства… Глог Квітнее глог – рознагатункавы і рознакаляровы. Ён нагэтулькі прыгожы ў Аўстрыі, што я аўтаматычна ўзгадваю беларускіх альканаўтаў – алькаголікаў, якія так палюбляюць піць тынктуру глогу. Хоць яны і ніколі ня бачылі ўсе ружовыя, белыя ды чырванаватыя адначасова хмызьняковыя і дрэўкавыя гатункі глогу, яны быццам бы – хацеў бы я верыць – адчуваюць, здагадваюцца пра прыгажосьць і аромнасьць глогу. Беларускія альканаўты п’юць тынктуру глогу бы амброзыю, улятаючы ў думках з шэрай рэчаіснасьці, з халоднай Беларусі ў амаль міжземнаморскую цяплыню. Крушына Вельмі літаратурная беларуская расьліна – крушына. Яе ўпершыню я разгледзіў і ідэнтыфікаваў у Грацы. Эміграцыйны беларускі паэт, празаік, першы беларус-сябра міжнароднага ПЭН-цэнтру – Рыгор Крушына (Рыгор Казак) – узяў сабе яшчэ ў Беларусі псэўдонім Крушына. Да ўсяго вядомы раман З. Бядулі мае назоў “Язэп Крушынскі”. У маладосьці, калі чытаў вершы Р. Крушыны ці раман З. Бядулі слова крушына заставалася цьмяным, а цепер, нарэшце, выразна бачу, як выглядае белы і какетлівы квет крушыны. Сачавічнік Сачавічнік часта блытаюць з мышыным гарошкам. Гэтая прыгожая кветка, расьліна здаўна вядомая і ў Беларусі, як моцны натуральны абязбольвальны сродак. Яшчэ ў дзяцінстве маёй бабулі яго пілі ад зубнога болю і “ад нэрваў”. Цяпер зёлка забытая на карысьць моцных хімічных парашкоў.
27.02.2021: Стары добры herr +
У самы пік карантыну аднаго разу выпадкова стаў слухачом адной незвычайнай для мяне і цалкам звычайнай у сьвеце наагул гісторыйкі. Каранавірус зьмяніў многія нашы завядзёнкі, мы пачалі насіць маскі, пальчаткі, баяцца заходзіць у крамы, альбо заходзіць у іх, шмаруючы рукі дэзынфэкцыйным сродкам і выключна з вазкамі, каб стварыць буфэрную зону – мэтар ці два гэтак званай “сацыяльнай дыстанцыі”. Але ня ўсё зьмяніў новы вірус у гэтым старым сьвеце. Так, у чарзе па крамныя вазкі я падслухаў мімаволі гаману двух расейскамоўных з украінскім акцэнтам хлопцаў. Яны гаманілі сьмела, ня так гучна, як сьмела, бо разумелі, што ніхто побач у Грацы не разумее расейскай мовы. Але я разумеў, праўда, цямлівага выгляду не рабіў. Мальцы жылі ў Аўстрыі некалькі год і пастаянна шукалі працы. Браліся за ўсё: кур’еры, пакаёўнікі, сьмецяры, садоўнікі – і ўсё гэта, канечне, не афіцыйна, па-чорнаму. Аднаму зь іх, як ён заўважыў сам, “пашанцавала” – ён уладкаваўся хлопцам па выкліку. Тарыф: адна гадзіна = дзесяць эўра. Дзённы тарыф. Начны – удвая даражэйшы. Русявы малец, сябра таго, хто стаў хлопцам па выкліку, зьдзівіўся: “Ачмурэць, хто бы мог падумаць, што ты станеш прадаваць цела! Ты ж на заатэхніка вучыўся дома!” Той, хто “прадаваў цела” выглядаў проста – ня як мадэль з подыюму – адказаў проста: “Каб ты пасядзеў месяц бяз працы, на адных ролтанах, паглядзеў бы я на цябе! А ў Caritas я ніколі не пайду – хоць страляй!” Некалькі сэкундаў яны маўчалі, бы ўсердзіліся, але бачна было, што яны былі добрыя прыяцелі з Усходняй Украіны, бо ня толькі ўкраінскі акцэнт дапамог мне ідэнтыфікаваць іх паходжаньне – пару разоў яны ўзгадвалі Данецк. Неўзабаве хлопец па выкліку працягнуў: “Ведаеш, чаму я думаю, што мне пашанцавала? Я ж ніколі такім не займаўся! І з мальцамі ніколі ня спаў дагэтуль. І мне адразу – зь першага наварату патрапіўся стары добры herr”. Яны раптам пачалі гучна рагатаць з гэтага выразу “стары добры herr” – уся чарга зьвярнула ўвагу на іх. Тады яны суняліся і праз маскі ўздыхнулі з палёгкай: “Слава богу, нас тут ніхто не разумее!” “Славам багам, мае твар і ўсьмешка былі схаваныя за маскай!” – так, падумаў я, стоячы акурат перад хлопцамі. Імя старога добрага herr’а яны ніколі не назвалі, звалі яго проста – herr. Той, хто працаваў, як я пачуў, у старога апузелага грацкага пана, уладкаваўся да яго на пастаянную працу: пяць дзён з сямі ён жыў у яго. І меў выходныя, бо ў выходныя да herr’а прыходзіла сваякі. Таксама хлопец па выкліку ўдакладніў, што ноччу праца аплачвался лепш – па двайному тарыфу, але не за ўсю ноч, а толькі за гадзіны ў ложку. Удзень звычайна ён проста апратаў кватэру, сэксуальная праца займала мала часу і пераважна ноччу. Ну і нямецкую мову, канечне, паляпшаў украінскі госьць з аўстрыйскім старым добрым herr’ам. Пад канец ён уздыхнуў і сказаў: “У прынцыпе, я задаволены, ведаеш? Мне трапіўся добры стары herr – чалавечны!” Падышла мая чарга, я выкаціў вазок, падкрадня зірнуў на мальцаў і зашоў у краму.
26.02.2021: Шварцэнэгер у прэзыдэнты +
Арнольд Шварцэнэгер родам з Грацу (зь мястэчка Таль, што пад Грацам). Гэта, няма сумневу, найбольш вядомы ў сьвеце штырыец, грацкі жыхар. Тое, што ён цяпер мае амэрыканскі пашпарт нічога не мяняе – у Грацы ён вядомы і заўсёды чаканы госьць і гаспадар адначасова. У доме, дзе ён жыў, цяпер месьціцца музэй А. Шварцэнэгера, школа, у якой ён вучыўся, носіць цяпер ягонае імя. Ягоную вядомую фразу з фільма “Тэрмінатар” “I‘ll be back” жыхары Грацу часта ўспрымаюць літаральна. А ў студэнцкім раёнчыку, што месьціцца паміж Грацкім унівэрсытэтам імя Карла і Франца і найстарэйшай бажніцай места Ўнебаўзяцьця найсьвяцейшай Панны Марыі, на сьцянох там-сям пабачыў надпісы-графіці “Шварцэнэгер у прэзыдэнты”. Канечне, улічваючы наш цяперашні кантэкст, падумаў таксама, што гэта быў бы ідэяльны варыянт для Беларусі – Шварцэнэгер, наш прэзыдэнт!
26.02.2021: Грац, які нагадаў мне Віцебск +
Вядома, Віцебск амаль не падобны да Граца. Нават тыя каліўкі віцебскага, на зьдзіў, захавалага і істотна пераробленага ці па-просту новага барока, не яднаюць два месты. І тым ня менш, барочны Грац нагадвае мне мазаічны і калісьці таксама барочны Віцебск, якім бы ён мог быць, каб не руйнаваньні і няўмелыя рукі местабудаўнікоў апошняга стагодзьдзя. Канечне, разважаць ў катэгорыі “каб ды што” – ня дужа годная справа. І ўсё адно кожны шпацыр па Грацы штурхае мяне ў думках ў родны, мілы і такі зьнявечаны чалавекам Віцебск. Грац, другое па вялічыні места Аўстрыі, дэманструе, як правінцыя можа быць аўтаномнай, моцнай і самадастатковай. Грац дэманструе, што само слова правінцыя ня мае негатыўнага гучаньня. Тут бачна, што правінцыі не патрэбны голас, рашэньні цэнтру, сталіцы, правінцыя ганарыцца сваімі людзьмі, здабыткамі і герцагскім мінулым. І людзі ня мараць масава зьехаць у цэнтар – у Вену ці далей. У людзей адчуваецца, бачыцца штырыйскі гонар, гонар за прыналежнасьць да штырыйскай, грацкай культуры. Грац – сталіца Штырыі, у мінулым герцагства, потым аўтаномнай зямлі Аўстрыі. Віцябляне, няма сумневу, таксама ганарацца Віцебскам, і вядомыя сваёй летуценнасьцю, якую так лёгка многія спазнаюць у працах Шагала. Але ў сучасным Віцебску амаль няма сьлядоў княскага мінулага, няма чым ганарыцца рэальна. Хіба адноўленая Дабравешчанка ды сучасны помнік вялікаму князю Альгерду толькі прыблізу запаўняюць гіганцкую лякуну. А можна было паставіць яшчэ помнік Марыі Віцебскай (памёрла каля 1345-46 гадоў), апошняй віцебскай сувэрэнкі і апошняй спадчыньніцы Віцебскага княства. Але пакуль жанчынаў у беларускай гісторыі працягваюць недаацэньваць. У Грацы ж стаяць помнікі як выбітным мужчынам, так і жанчынам у гісторыі места. Да ўсяго архітэктурныя экспэрымэнты старажытнага Грацу з уклініваньнем у барочны масіў будынкаў сучасных і футурыстычных праектаў уражваюць. Гэта і выспа-кавярня на рацэ Мура, пабудаваная ну-ёркскім архітэктарам і паэтам Віта Акончы, і Музэй сучаснага мастацтва, названы “Дабразычлівым прыбышом”, пабудаваны лёнданскімі архітэктарамі Пітэрам Кукам і Колінам Фурнье ў стылі блоб. Абодва аб’екты былі ўзьведзеныя ў рамках праграмы “Культурная сталіца Эўропы”. А ў Віцебску баязьлівыя, у мастацтве не разьбіралыя і ад Царквы залежныя ўлады вядуць рэй і працягваюць рабіць з княскага Віцебска вёску, правінцыю – частку праекту “залатое кальцо Беларусі”. Адкінуты цікавы швайцарскі праект у канцы 90-ых гадоў мінулага стагодзьдзя па ўсталяваньні Энэргетычнай вежы каля музэя Шагала, насамрэч, пазбавіў Віцебска крэатыўнай дынамікі і мажлівасьці стаць сапраўдным местам Ю. Пэна і М. Шагала, рэальнай культурнай сталіцай Беларусі, а ня проста шэраговым абласным цэнтрам і сталіцай расейска-беларускага “Славянскага кірмашу”. Многія іншыя сучасныя праекты па разьвіцьці Віцебска ў рэчышчы агульнаэўрапейскім немажлівыя, бо творчыя людзі і заходнія інвэстыцыі не сумяшчальныя з дыктатурай. І ўсё ж адна бажніца ў Грацы нагадвае мне Віцебск, які паціху вяртаецца зь мінулага – лёгкі барочны касьцёл Маці божай суцяшальніцы страшэнна падобны да віцебскай Рынкавай бажніцы, адноўленай ля ратушы. Старое і ўсё у барочнай пазалоце начыньне грацкіх бажніцаў можа прыблізу аднавіць дух і ўбраньне віцебскіх ня існых больш касьцёлаў. У выратавальнай у летнюю сьпёку халодзе старых храмаў Грацу я, бы ў машыне часу, перанёсься ў віцебскае мінулае. Унівэрсальнае барока яднае ўсе закуткі Эўропы ды сьвету. А яшчэ, канечне, электратрамвай яднае гэтыя месты – з 1897 ён бегае ў Грацы і з 1898 у Віцебску. У астатнім застаюцца хіба спадзёвы на тое, што калісьці і Віцебск вернецца ў Эўропу, стане на год культурнай сталіцай Эўропы, як Грац у 2003 годзе і далучыцца да сьвету экспэрымэнтаў і цалкам станоўчай правінцыйнасьці, калі маладыя і творчыя людзі ня будуць уцякаць на Захад і Ўсход, дзяліцца крэатыўнымі адкрыцьцямі і ідэямі на карысьць іншых краінаў. Падаецца, заўсёды можна выбраць іншы шлях, усё яшчэ можна павучыцца ў Граца.
25.02.2021: Грацкія гісторыі (штырыйскія апавяданьні) +
Пачатак
Мой грацкі побыт пачаўся з азнаямленьня з прыгажосьцю барочнага места і адразу з аднаго моўнага канфузу ці можа кур’ёзу. Адразу адзначу, што нямецкай мовы я ня ведаю, толькі цікаўлюся ёю і лічу, што яна вельмі эстэтычная і сэксуальная для маіх вушэй. Дык вось са мною прыключылася ў першыя дні прыезду ў Штырыю адна моўная гісторыйка, якая насьмяшыла многіх маіх аўстрыйскіх сяброў. З Бэрліну ведаю адзін музэй – Schwules Museum, то бок Музэй гамасэксуальнасьці, адтуль ведаю, што па-нямецку schwule – гамасэксуальная асоба, гей. Гэта было ці ня першае мае нямецкае слова, якое я вывучыў сам. Натуральна, я ня ўлічваю тут нямецкія слоўкі, вядомыя з савецкіх фільмаў: achtung, schnell і г.д. Калі я прыехаў у Аўстрыю на стажаваньне, то езьдзіўшы на ровары па Грацы, я ўсюль бачыў пазнакі schule. І маёй першай рэакцыяй было зьдзіўленьне – навошта пісаць і пазначаць, што тут зьбіраюцца геі. І потым гэтых пазнакаў было столькі шмат, што я быў дадушы ўражаны колькасьцю геяў у Грацы. Вядома, дома я спраўдзіў у слоўніку, што гэта значыць і добра пасьмяяўся. Адна літарка зьмяніла ўсё. Няўважлівасьць насьмяшыла мяне. Калі я распавёў пра сваю блытаніну аўстрыйскай каляжанцы Луізе, яна таксама пасьмяялася, трапна дадаўшы: “Усе schwule былі ў schule, але ня ўсе ў schulе – schwule”. Але і дасюль, калі еду на ровары па Грацы, я часта мімаволі дзіўлюся і ўсьмяхаюся з шыльды schule (школа).
Пасьля слова schwule два іншыя нямецкія і беларускія словы адначасова зачапілі мяне і выклікалі настальгію за бабуляй – кухан (Kuchen) і груца (Grütze). Тое, што ў беларускай мове поўна германізмаў – вядома мне з школьных і студэнцкіх гадоў, а таксама, канечне, дзякуючы агульнай культуры, штодня з размоваў аўстрыйскіх калегаў сыпяцца тыя словы: шыльда, штраф, ландшафт, маштаб, дах, рыхтык, шпацыр, грунт і пад. Да іх варта дадаць кухан (салодкі коржык) і груца (пярлоўка, каша з пярловай крупы), хоць у арыгінале яны азначаюць не зусім тое, што ў беларускай мове. Мая бабуля так часта ўжывала іх, што я і забыў, што словы маглі быць чужынскага паходжаньня. І вось у Аўстрыі зноў сутыкнуліся гісторыя беларускай і нямецкай моваў, і гісторыя маёй мовы ад бабулі. Цікава, як у мове схаваныя шмалікія сьляды, якія варта часта тлумачыць сабе. Цікава, як у нашай мове схаванае эўрапейскае мінулае, шмалікія сувязі і арыентыры, якія бязупынку вядуць нас у Эўропу.